скрыть достопримечательностипоказать достопримечательности
Достопримечательность 1
Достопримечательность 2
Достопримечательность 3
Главная / Новости / Новости района
27.10.2014

Яго вялікасць хлеб

27 кастрычніка, Чачэрск /Уласн. інф./. Ніхто не адмовіць той факт, што хлеб – усяму галава. Без яго і стол – звычайная дошка. А, калі ў доме пахне здобай, значыць, там пульсуе жыццё і надзейна прыжыўся дабрабыт.

Каштоўнасць гэтага прадукта пацверджана стагоддзямі, а свежую лусту толькі што выпечанага жытняга бохана раней давалі перш-наперш гаспадару хаты. У Батвінаўскім КСЦ крыху адступілі ад старадаўняй традыцыі і запрасілі да самавара са свежым печывам гасцей, якія прыехалі на вясковае свята ў мінулыя выхадныя. Ім паведамілі, што яшчэ шмат гадоў таму дырэктар клубнай установы Ірына Нікішова мела намер адкрыць пры культурна-спартыўным цэнтры музей хлеба. І вось, нарэшце, яе мара «стала на крыло». Пры дапамозе і падтрымцы начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ю.Басаргіной у спецыяльна   адведзеным памяшканні клуба пабудавалі печ, правялі ўнутраны рамонт беларускай хаткі. Ганаровая місія перарэзаць чырвоную стужку была даручана намесніку старшыні райвыканкама П.Несцяровічу і прэзідэнту аб’яднання «Падэмантана Парменсе» правінцыі Парма Рэспублікі Італія Паоло Бьянкі.

–  Сімвалічна, што гэта падзея супала з завяршэннем палявых работ, калі сабраны збожжавыя і можна смела чакаць зімовую сцюжу, – гаворыць Ірына Міхайлаўна. – Гэты дзень увойдзе ў гісторыю нашага аграгарадка, а работнікам культустановы ўрачыстае адкрыццё стане стымулам для далейшага развіцця музея і яго папулярызацыі. Прыемна і вельмі хвалююча бачыць тут замежную дэлегацыю. Важна, калі нашы звычаі не толькі захоўваюцца, але і набываюць шырокі міжнацыянальны рэзананс.

Паоло Бьянкі, пагрэўшы каля жывога агню рукі ў тое ветранае надвор’е, паласаваўшыся гарачым бліном адразу з патэльні і салодкай пшанічнай скарынкай, сказаў: «Я на Чачэршчыне і, наогул, у Беларусі ўпершыню. Аднак, нягледзячы на тое, што мы, кажучы вобразна, знаходзімся на розных канцах планеты, маем блізкую культуру і падобныя народныя звычаі. Сёння паміж аб’яднаннем «Падэмантана Парменсе» правінцыі Парма і Чачэрскім, Рагачоўскім, Кармянскім, Веткаўскім і Буда-Кашалёўскім раёнамі падпісаны важны дакумент аб культурных, эканамічных і гуманітарных адносінах. Перад тым была заключана чатырохбаковая дамова з ААТ «Гандлёвы дом «Гомельскі», будуць наладжаны дзелавыя адносіны з фермерскай гаспадаркай Рагачоўскага раёна, і гэта яшчэ не ўсё. Лічу, што такія штуршкі дазволяць нашым народам не толькі духоўна стаць бліжэй, але і пасадзейнічаюць пракладанню сцяжынкі да цесных сяброўскіх сувязяў, агульнага росквіту і рэалізацыі ўзаемавыгадных перспектыўных праектаў. З радасцю пабываў на адкрыцці музея хлеба. Дзяўчаты – малайцы, бо ведаюць і зберагаюць этнаграфію свайго краю і шануюць вотчыну. Веру – у Беларусі вялікае будучае, і нам трэба быць разам!»

На батвінаўскім святочным падворку грала музыка, спявалі артысты, жанчыны народнага калектыву народнай песні, танца і музыкі «Лёс» паказалі абрады пачатку і завяршэння жніва, танчылі дзеці, весяліўся народ. У той момант сапраўдным і адзіным гаспадаром вясковага фэсту па праву стаў ЯГО ВЯЛІКАСЦЬ ХЛЕБ.


Смотреть все