Прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці Чачэршчыны, аддзела адукацыі, абласнога ведамства, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, прадпрыемстваў, а таксама кіраўніцтва раёна падводзілі вынікі мінулага навучальнага года і вызначалі мэты і задачы на наступны.
Як адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Гайкоў, адукацыя з'яўляецца прыярытэтным напрамкам сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Таму і ўвага гэтай сферы каласальная.
Радуе, калі прыкладзеныя намаганні даюць плён. Дасягненні дзяцей і педагогаў сведчаць, што раён з'яўляецца адным з лідараў па якасці адукацыі ў вобласці. Так, аддзел адукацыі прызнаны пераможцам па выніках абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па забеспячэнні якасці адукацыі навучэнцаў у 2024/2025 навучальным годзе сярод аддзелаў адукацыі райвыканкамаў, у падведамных установах якіх навучаецца і выхоўваецца да трох тысяч дзяцей. Чачэршчына на першым месцы ў Гомельскай вобласці па выніках цэнтралізаванага экзамену. Калектыў установы дабіўся значных вынікаў – гімназія ў першым радку рэгіянальнага рэйтынга.
Заслугі настаўнікаў раёна адзначаны Міністэрствам адукацыі, абласным упраўленнем, раённымі выканаўчым камітэтам і Саветам дэпутатаў, аддзелам адукацыі, прафсаюзнай арганізацыяй. На сцэну раённага Дома культуры падымаліся сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, на якіх варта раўняцца і ў якіх належыць пераймаць вопыт маладым спецыялістам.
Пад бурныя апладысменты падзякі і сертыфікаты прымалі ўстановы-пераможцы раённых галіновых конкурсаў, а таксама прадстаўнікі калектываў, якія аказалі дапамогу пры падрыхтоўцы школ і дзіцячых садкоў да новага навучальнага года.