схаваць славутасціпаказаць славутасці
Славутасць 1
Славутасць 2
Славутасць 3
Галоўная / Служба "Адно акно" / Абскарджанне адміністрацыйнага рашэння

Абскарджанне адміністрацыйнага рашэння

Вытрымка з Закона Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2008 г. № 433-З
«Аб асновах адміністрацыйных працэдур»

Артыкул 30. Парадак абскарджання адміністрацыйнага рашэння

1. Зацікаўленая асоба і трэцяя асоба маюць права на абскарджанне адміністрацыйнага рашэння ў адміністрацыйным (пазасудовым) парадку.

2. Адміністрацыйная скарга накіроўваецца ў вышэйстаячы дзяржаўны орган (вышэйстаячую арганізацыю) або ў дзяржаўны орган, іншую арганізацыю, да кампетэнцыі якіх у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь належыць разгляд такіх скаргаў (далей — орган, які разглядае скаргу).

3. Абскарджанне адміністрацыйнага рашэння ў судовым парадку ажыццяўляецца пасля абскарджання такога рашэння ў адміністрацыйным (пазасудовым) парадку, калі іншы парадак абскарджання не прадугледжаны заканадаўчымі актамі. 

У выпадку адсутнасці органа, які разглядае скаргу, адміністрацыйнае рашэнне ўпаўнаважанага органа можа быць абскарджана непасрэдна ў суд.
Абскарджанне адміністрацыйнага рашэння ў судовым парадку ажыццяўляецца ў адпаведнасці з грамадзянскім працэсуальным або гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам.

Артыкул 31. Тэрмін падачы адміністрацыйнай скаргі

1. Адміністрацыйная скарга можа быць пададзена ў орган, які разглядае скаргу, на працягу аднаго года з дня прыняцця адміністрацыйнага рашэння, якое абскарджваецца.

2. Орган, які разглядае скаргу, мае права аднавіць тэрмін падачы адміністрацыйнай скаргі ў выпадку пропуску такога тэрміну па ўважлівай прычыне (цяжкая хвароба, працяглая камандзіроўка і інш.).

Артыкул 32. Форма і змест адміністрацыйнай скаргі

1. Адміністрацыйная скарга падаецца ў пісьмовай або электроннай форме.

2. У адміністрацыйнай скарзе, якая падаецца ў пісьмовай форме, павінны змяшчацца:

найменне органа, якія разглядае скаргу;
звесткі аб зацікаўленай асобе і трэцяй асобе (далей, калі не пазначана іншае, - асоба, якая падала адміністрацыйную скаргу):
прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць), месца жыхарства (месца знаходжання) — для грамадзяніна;
найменне і месца знаходжання — для юрыдычнай асобы;
найменне ўпаўнаважанага органа, што прыняў адміністрацыйнае рашэнне, якое абскарджваецца;
сутнасць адміністрацыйнага рашэння, якое абскарджваецца;
падставы, на якіх асоба, якая падала адміністрацыйную скаргу, лічыць адміністрацыйнае рашэнне, што абскарджваецца, неправамерным;
патрабаванні асобы, якая падала адміністрацыйную скаргу;
пералік дакументаў і (або) звестак (пры іх наяўнасці), якія прадстаўляюцца разам з адміністрацыйнай скаргай;
подпіс грамадзяніна, або подпіс кіраўніка юрыдычнай асобы ці асобы, упаўнаважанай ва ўстаноўленым парадку падпісваць адміністрацыйную скаргу, або подпіс прадстаўніка асобы, якая падала адміністрацыйную скаргу.

3. Адміністрацыйная скарга ў электроннай форме падаецца праз адзіны партал электронных паслуг з выкарыстаннем сродкаў ідэнтыфікацыі, пазначаных у абзацах трэцім і чацвёртым часткі першай пункта 6 артыкула 14 гэтага Закона. У адміністрацыйнай скарзе, якая падаецца ў электроннай форме, павінны змяшчацца звесткі, пазначаныя ў абзацах другім-восьмым пункта 2 гэтага артыкула.

У выпадку падачы адміністрацыйнай скаргі ў электроннай форме не патрабуецца падпісання электронным лічбавым подпісам дакументаў і (або) звестак, якія прыкладаюцца да яе, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 33. Рэгістрацыя адміністрацыйных скаргаў

1. Адміністрацыйныя скаргі падлягаюць рэгістрацыі ў дзень іх падачы. 

2. Адміністрацыйныя скаргі, якія паступілі ў нерабочы дзень (нерабочы час), рэгіструюцца не пазней за першы рабочы дзень, што ідзе за ім.

Артыкул 34. Пакіданне адміністрацыйнай скаргі без разгляду

1. Адміністрацыйная скарга пакідаецца без разгляду на працягу трох рабочых  дзён з дня яе рэгістрацыі ў выпадку, калі:

разгляд адміністрацыйнай скаргі не належыць да кампетэнцыі дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі;
адміністрацыйная скарга пададзена неўпаўнаважанай асобай;
адміністрацыйная скарга пададзена пасля заканчэння ўстаноўленага тэрміну і не змяшчае хадайніцтва аб аднаўленні прапушчанага тэрміну.

2. Адміністрацыйная скарга на працягу трох рабочых дзён з дня яе рэгістрацыі можа быць пакінута без разгляду ў выпадку, калі:

не выкананы патрабаванні да зместу адміністрацыйнай скаргі;
у органе, які разглядае скаргу, ужо ёсць рашэнне па гэтай адміністрацыйнай скарзе.

3. У выпадку пакідання адміністрацыйнай скаргі без разгляду асобе, якая падала адміністрацыйную скаргу, вяртаюцца дакументы і (або) звесткі, прадстаўленыя разам з адміністрацыйнай скаргай, за выключэннем выпадкаў падачы адміністрацыйнай скаргі ў электроннай форме.

4. Пасля ўстаранення недахопаў, якія сталі прычынай пакідання адміністрацыйнай скаргі без разгляду, адміністрацыйная скарга можа быць зноў пададзена ў орган, які разглядае скаргу.

Артыкул 341. Адкліканне адміністрацыйнай скаргі

1. Асоба, якая падала адміністрацыйную скаргу, мае права адклікаць  сваю адміністрацыйную скаргу ў любы час да заканчэння яе разгляду.

Адкліканне адміністрацыйнай скаргі, пададзенай у пісьмовай форме, ажыццяўляецца шляхам падачы заявы ў пісьмовай форме ў орган, які разглядае скаргу.

Адкліканне адміністрацыйнай скаргі, пададзенай у электроннай форме, ажыццяўляецца шляхам падачы заявы ў электроннай форме праз адзіны партал электронных паслуг або пісьмовай форме ў орган, які разглядае скаргу.

2. У выпадку адклікання адміністрацыйнай скаргі орган, які разглядае скаргу, спыняе яе разгляд па сутнасці і вяртае асобе, якая падала адміністрацыйную скаргу, дакументы і (або) звесткі, прадстаўленыя разам з адміністрацыйнай скаргай, за выключэннем выпадкаў падачы адміністрацыйнай скаргі ў электроннай форме.

Артыкул 35. Аднаасобны і калегіяльны разгляд адміністрацыйнай скаргі

Адміністрацыйная скарга разглядаецца аднаасобна работнікам органа, які разглядае скаргу, а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах, або па рашэнні органа, які разглядае скаргу, - калегіяльным складам такога органа.

Артыкул 36. Межы разгляду адміністрацыйнай скаргі

1. Орган, які разглядае скаргу, абавязаны разгледзець яе з улікам існуючых і дадаткова прадстаўленых дакументаў і (або) звестак. 

2. Орган, які разглядае скаргу, не звязаны довадамі адміністрацыйнай скаргі, правярае законнасць і абгрунтаванасць адміністрацыйнага рашэння, якое абскарджваецца, у поўным аб'ёме.

Артыкул 37. Тэрмін разгляду адміністрацыйнай скаргі

Адміністрацыйная скарга разглядаецца ў месячны тэрмін з дня яе рэгістрацыі. Заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах могуць быць прадугледжаны скарочаныя тэрміны разгляду адміністрацыйных скаргаў.

Артыкул 38. Наступствы падачы адміністрацыйнай скаргі

Падача адміністрацыйнай скаргі не прыпыняе выканання адміністрацыйнага рашэння, якое абскарджваецца.