Сёлета нашаму раёну спаўняецца 100 гадоў з дня ўтварэння. Галоўная дата свята – 8 снежня, бо менавіта з гэтага дня пачаўся адлік летапісу Чачэршчыны ў новым статусе.
Паводле гістарычных звестак, Чачэрскі раён з 1926 па 1930 год знаходзіўся ў Гомельскай акрузе. З 1930 па 1938 год – у прамым рэспубліканскім падначаленні. А ў склад Гомельскай вобласці ўвайшоў 15 студзеня 1938-га. У канцы 20-х мінулага стагоддзя да раёна было далучана 10 сельсаветаў скасаванага Свяцілавіцкага. Затым у лютым 1935 года паўторна ўтворанаму Свяцілавіцкаму раёну былі перададзены назад 3 сельсаветы. А пасля паўторнага скасавання яны зноў перайшлі Чачэршчыне. У лістападзе 1957 года і сакавіку 1960-га два сельскія Саветы перайшлі ў падпарадкаванне Веткаўскага раёна. А неўзабаве і наш раён трапіў пад скасаванне – 25 снежня 1962 года ён увайшоў у склад Будакашалёўшчыны. Але ўжо ў студзені 1965-га зноў аднавіўся. У кастрычніку 1995 года раён і горад аб'ядналі ў адну адміністрацыйную адзінку – Чачэрскі раён.