скрыть достопримечательностипоказать достопримечательности
Достопримечательность 1
Достопримечательность 2
Достопримечательность 3
Главная / Новости / Новости района
27.06.2014

“…А свежая рыбачка – акунёк”

27 чэрвеня, Чачэрск /Уласн. інф./. Мінулыя выхадныя для аматараў летняга адпачынку са спінінгам і вудай прынеслі шмат станоўчых эмоцый і значна разнастаілі інгрыдыенты да абедзеннага стала. Прыхільнікі парыбачыць прынялі ўдзел у раённым конкурсе “Рыбачок–2014”, арганізаваным аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ФСК “Ураджай”, РА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” і РК ГА “БРСМ”.

Да берага  Сожа на “ціхае паляванне” сабраліся 55 прэтэндэнтаў на самага ўдачлівага рыбалова. Паспрабаваць “рыбацкага шчасця” прыехалі на Чачэршчыну каманды з Веткаўскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў. Стала ў адну шарэнгу з мужчынамі і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Палессе” Т.Зубкова. Хоць справа гэта і не зусім звыклая для жаночых рук, але іншы раз пасядзець каля вады карысна і прыемна – глядзіш, і душою адпачнеш, і на вячэру прынясеш дадому дзясятак плотак ці акунькоў. На гэты раз Таццяна Мікалаеўна прыбыла на раённы конкурс у складзе палескай каманды. Вызначыўшы адно з паклёвачных месцаў, яна зручна ўладкавалася і расклала на пясчаным беражку ўсе неабходныя атрыбуты і прыстасаванні. Дачакаўшыся каманды: “Прыкорм!”,  удзельнікі прыступілі да інтрыгуючай дзеі: спачатку падкармілі рыбу хто грэчкай, хто пшаніцай, хто хлебнымі галушкамі, паплявалі, пашапталі над чарвячкамі і закінулі прынады ў ваду.

Згодна палажэнню аб конкурсе, прызавыя месцы былі размеркаваны як у агульнакамандным заліку, так і ў індывідуальным. Залаты кубак спаборніцтва “нарыбачылі” супрацоўнікі дэпартамента аховы (1260 гр.), у асабістым першынстве на кантрольныя шалі паклаў улоў вагой 910 грамаў Васіль Кудзінаў (работнік таго ж Чачэрскага аддзялення аховы) і быў названы лепшым рыбаловам. А яго калега Руслан Патапенка, капітан каманды, быў заахвочаны прызам за першую вылаўленую плотку. Адным словам, суботні дзень для ўдзельнікаў конкурсу прайшоў цікава і з карысцю. Наступная сустрэча – на падлёдным лове.

Уладзімір Блінцоў з Буда-Кашалёўшчыны амаль кожныя выхадныя – на Сажы, прычым часцей за ўсё на тэрыторыі нашага раёна. Кажа, тут і месцы прыгажэйшыя, і рыба смачнейшая. Дадому вяртаецца не з пустымі рукамі, заўсёды ёсць што жонцы прадставіць у пацвярджэнне таго, што не да кума з пляшкай хадзіў. У сваю кампанію Уладзімір Андрэевіч прыцягнуў сяброў і зяця Уладзіміра Азарушкіна, цяпер рыбаловы-аматары так сябе і называюць – каманда “Азарушкі”. Бывае, прыязджаюць сем’ямі, адпачываюць на так званых пясках і каля аграгарадка Отар. У мінулых спаборніцтвах удзельнічалі з вялікім задавальненнем і спартыўным азартам, які У.Блінцову яшчэ ў дзяцінстве прывіў дзед Кірыл.


Смотреть все